“Калядныя вячоркі” ў школе №10 г. Барысава

Набліжаліся каляды… Як жа іх сустрэць і адзначыць? Падумалі мы – настаўнікі ДУА “Сярэдняя школа № 10 г. Барысава”. Па нашай жа прапанове сярод калег-аднадумцаў быў створаны “Савет справы”, які і ўзначаліў падрыхтоўку да беларускага народнага свята. У Савет увайшлі ўдзельнікі праекта “Выхаванне на аснове нацыянальных традыцый і культуры” А.В.Камісарава, І.А.Мельнік, кіраўнік фотааб’яднання для дзяцей “Усмешка” А.І.Казлоўская, кіраўнік школьнага клуба “Шчаслівыя бацькі” Ж.М.Істамянок.
Кожны дзень у аргкамітэт паступалі ўсё новыя і новыя прапановы. На першых жа пасяджэннях Савета была створана праграма свята і падзелены абавязкі сярод удзельнікаў. Так, 9 студзеня ў класы на інфармацыйныя гадзіны завіталі госці (вучні 10 класа), якія пазнаёмілі слухачоў з гісторыяй беларускага народнага свята “Каляды”, з асаблівасцямі яго святкавання, а таксама прапанавалі ўвазе вучняў план мерапрыемстваў, разлічаны на 13 студзеня 2019 года.
І вось, пачынаючы а шостай гадзіне вечара 13 студзеня, спецыяльная група добра падрыхтаваных калядоўшчыкаў (вучні 2А, 2Б, 4А, 6А класаў, а таксама іх бацькі і настаўнікі), сярод якіх былі, канечне ж, Каза, Павадыр з Мядзьведзем, Механоша, гарманіст, цыгане, Лявоніха, стала завітваць у гасцінныя хаты жыхароў Залінейнага раёна з непрацяглым, але цікавым тэатралізаваным прадстаўленнем, якое суправаджалася граннем на баяне, спяваннем народных песень і, безумоўна, зычаннем гаспадарам дабрабыту, моцнага здароўя і вялікага шчасця. Перад адыходам калядоўшчыкі асыпалі гаспадароў жытам, якое лічыцца сімвалам добрага і доўгага жыцця.
Многія двары ў раёне адчулі на сабе ўвагу калядоўшчыкаў, якія багата накалядавалі гасцінцаў: смачных цукерак, садавіны, печыва, бліноў, вэнджаных каўбас і шмат чаго іншага. А я ў сваю чаргу хачу пажадаць усім барысаўчанам у новым годзе: усяго даволі, а бяды ніколі! Каб былі міскі, лыжкі памыты, а вашыя дзеткі заўсёды сыты! Са святам!

А.В. Камісарава,
настаўнік беларускай мовы
і літаратуры

Добавить комментарий