Нам выпала шчасце тут нарадзіцца…

“Мой родны горад, калыска майго дзяцінства! І ў ліпеньскую спёку, і ў восеньскую слату, і ў снежаньскую замець, і ў вясенняе разводдзе ты горача вітаеш спагадлівых, руплівых гаспадароў-барысаўчан і гасцей, ты сустракаеш іх багатай легендарнай гісторыяй”. Такімі словамі пачалася сустрэча з гасцямі на мерапрыемстве ў межах рэсурснага цэнтра “Выхаванне на аснове нацыянальнай культуры і традыцый беларускага народа” на базе ДУА “Сярэдняя школа №10 г.Барысава”,
педагогі і вучні якой ў гэтым годзе працуюць па педагагічнаму праекту “Край, дзе мы жывём”, прысвечанага Году малой радзімы. Адным з мерапрыемстваў, якое адбылося 24 лістапада, была квэст-гульня “Нам выпала шчасце тут нарадзіцца…”, удзельнікамі якой сталі вучні і педагогі сярэдніх школ №22, №6, №8.
Госці дзяліліся сваімі ведамі пра родны горад на розных станцыях: “Барысаў гістарычны”, “Барысаў спартыўны”, “Барысаў літаратурны”, “Барысаў прамысловы” і “10 цудаў Барысаўшчыны”. На кожным этапе вучні выконвалі цікавыя заданні (тэсты, складалі пазлы, апісвалі прадпрыемствы горада, адказвалі на пытанні пра мастакоў слова), якія дазволілі успомніць адметную гісторыю ўзнікнення старажытнага Барысава, пазнаёміцца з Барысавам сучасным, з яго манументальнымі помнікамі і сціплымі абеліскамі, якія стаяць на гарадскіх вуліцах і скрыжаваннях дарог. Для некаторых удзельнікаў стала адкрыццём, што Янка Купала, класік сусветнай і беларускай літаратуры, нейкі час жыў на Барысаўшчыне,і ў гэты час напісаў сваю знакамітую паэму “Барысаў”:

..Плыве ў свет рака Бяроза,
Плыве сягоння, як і ўчора,
То паміж ніцых вербалозаў,
То між адвечных пушчаў-бораў.
Сваёй вадою поіць шчыра
Калгасы, фабрыкі, заводы
І на плячах нясе між віраў
Плыты, баржы і параходы.
Плыве рака Бяроза плаўна,
Плыве, мінае горы, долы,
На берагах яе спраддаўна
Паўсталі гарады і сёлы.
Паўстаў Барысаў у сотні гоняў,
Стаіць над рэчкай і сніць думы:
Якім ён быў, якія сёння
Яму пяюць Бярозы шумы…

Таксама вучні-ўдзельнікі прадставілі сваё дамашняе заданне: прэзентацыю паходжання назвы вуліцы, на якой знаходзіцца іх школа. Пасля падвядзення вынікаў квэст-гульні ўсе атрымалі дыпломы пераможцаў, сертыфікаты ўдзельнікаў , памятныя сувеніры. Пакідаючы школу, госці на сардэчках-сцікерах выказалі свае ўражанні, пажадалі поспехаў настаўнікам і вучням.

Кіраўнік рэсурснага цэнтра І.А. Мельнік

Добавить комментарий